КРА́КАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1846,

паўстанне супраць аўстр. панавання ў Кракаўскай рэспубліцы. Планавалася як частка агульнапольск. паўстання, якое рыхтавалася польскімі нац.-вызв. арг-цыямі на чале з Польскім дэмакратычным таварыствам. Пачалося 20 лютага. Авалодаўшы Кракавам, паўстанцы 22 лют. сфарміравалі Нац. ўрад, які ў сваім маніфесце заклікаў народ да агульнага паўстання, скасаваў саслоўныя адрозненні і тытулы, феад. павіннасці, абвясціў аб надзяленні зямлёй сялян, якія прымуць удзел у паўстанні. Пасля разгрому 26 лют. пад Гдовам паўстанцкага атрада А.Сухажэўскага і гібелі 27 лют. фактычнага кіраўніка паўстання Э.Дэмбоўскага дыктатар К.п. Я.Тысоўскі разам з паўстанцкімі атрадамі 3 сак. пакінуў Кракаў і 4 сак. склаў зброю на тэр. Прусіі. Горад захапілі аб’яднаныя войскі Расіі і Аўстрыі.

т. 8, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)